зелёный Гомель или как его не стало - фотосравнение улиц города

Як знікалі дрэвы на вуліцах Гомеля (фотапараўнанне)

Гомель заўжды лічыўся зялёным горадам, у якім можна было прайсціся па вуліцах, што патаналі пад шатамі дрэваў. Сёння праблемы з азеляненнем абласнога цэнтра прызнаюць нават гарадскія ўлады і пракуратура. Актывісты ініцыятывы “Smart Homel” параўналі фотаздымкі розных гадоў, каб паказаць, якімі зялёнымі былі вуліцы роднага горада.

“Гэтым праектам мы хацелі прыцягнуць увагу гараджан да таго, наколькі моцна зменшылася колькасць зялёных насаджэнняў у Гомелі, — адзначыў кіраўнік ініцыятывы “Smart Homel” Яўген Меркіс. — Часта ў дыскусіі са скептыкамі бракуе менавіта візуальных доказаў таго, што раней дрэваў было значна больш. Таму мы вырашылі звярнуцца да вельмі дзейснага спосабу фотапараўнання і вынік шакаваў нават нас саміх! Часам немагчыма паверыць, што на пэўных вуліцах было столькі дрэваў, прычым яшчэ літаральна некалькі год таму”.

Дрэвы на вуліцы Сялянскай каля будынка гарвыканкама і гатэля «Сож» у сярэдзіне 2000-х гг.

У 2016 годзе гомельскія ўлады заявілі аб намеры вярнуць Гомелю статус зялёнай сталіцы, але актывісты адзначаюць, што сітуацыя на вуліцах горада амаль не змянілася. У спробах вырашыць транспартных праблем кіраўніцтва горада працягвае практыку пашырэння дарог і будаўніцтва парковак. Пры гэтым праблемы з аўтатранспартам у горадзе так і не ўдалося цалкам вырашыць, а вось колькасць зялёных насаджэнняў праз такія дзеянні працягвае змяншацца з кожным годам.

У 2015 годзе ўлады абвесцілі аб намерах павялічыць колькасць парковачных месцаў у цэнтры горада. У прыватнасці на вуліцы Ланге іх колькасць давялі да 56. Праблемы з паркоўкай у горадзе так нікуды і не зніклі, а вось дрэваў стала меней.

“Мы пэўныя, што дрэвы неабходныя ў горадзе не толькі для экалогіі — яны ствараюць той самы камфорт і ўтульнасць пражывання і знаходжання ў ім як гараджан, так і турыстаў. Акрамя гэтага яны даюць ратунак ад спёкі летам, змяншаюць запыленасць, ветранасць і ўзровень шуму ўздоўж транспартных магістраляў”, — адзначыў Зміцер Кірэенка, архітэктар і актывіст ініцыятывы “Smart Homel”.

Вуліца Камунараў у сярэдзіне 2000-х гг. і сёння

Застаецца спадзявацца, што гомельскія ўлады разумеюць маштаб праблемы, які бачны на фотапараўнаннях вуліц горада раней і сёння.

Безумоўна спробы змяніць сітуацыю ў “зялёнай” справе з боку ўладаў ёсць, але яны недастатковыя, лічаць актывісты. Так напрыканцы кастрычніка на вуліцы Савецкай высадзілі клёны на месцы былых дрэваў, але іх аб’ём недастатковы, асабліва ўлічваючы што пашырэнні вуліц і ліквідацыя зялёных насаджэнняў у горадзе працягваецца.

Перакрыжаванне Савецкай і Ланге ў 1997 годзе і сёння

Таксама ў гэтым годзе чыноўнікі абвесцілі аб планах высадкі ў Гомелі 10 тыс. новых дрэваў, але ва ўмовах непразрыстасці дзеянняў нашых уладаў адсачыць дзе менавіта з’явіліся новыя насаджэнні надзвычай складана. “На жаль даводзіцца канстатаваць, што пакуль што ідзе пагоня за колькасцю, а не за якасцю”, — пракаментаваў сітуацыю Яўген Меркіс.

Раней Гомель быў вядомы і сваімі каштанамі. Цяпер іх у горадзе засталіся адзінкі. Від на вуліцу Савецкую каля цырка

Так выглядала плошча Леніна яшчэ пяць год таму

Дрэвы па левы бок ад аблдрамтэатра спілавалі некалькі год таму. Замест іх нічога высаджана не было

Частка ялінак перад Палацам спорта была пашкоджаная ў выніку навальніцы ў 2015 годзе. Кампенсацыйных высадак праведзена дагэтуль не было.

Від на вуліцу Пралетарскую яшчэ пяць год таму быў такім. У 2016 годзе гомельскія ўлады абвесцілі аб намеры пашырыць і гэтую вуліцу, але сіламі грамадскіх актывістаў гэтае рашэнне ў выніку было адкладзена на няпэўны час. У выніку яго рэалізацыі паабапал ад дарогі знікнуць і тыя дрэвы, што пакуль яшчэ існуюць і былі дасаджаныя ў апошнія гады ў некаторых месцах.

Паркоўка за будынкам Палаца спорта з’явілася некалькі год таму. Агулам сітуацыя з парковачнымі месцамі ў горадзе застаецца складанай і дагэтуль выклікае нараканні з боку аўтаўладальнікаў. Вырашыць існыя праблемы можа сярод іншага і ўвядзенне платы за паркоўку, што стымулявала б кіроўцаў больш рацыйна падыходзіць да пытання дзе пакідаць сваё аўто і ці карыстацца ім у асобных выпадках наогул. Але гомельскія ўлады з гэтым новаўвядзеннем пакуль марудзяць.

Будынак на рагу вуліц Кірава і Ірынінскай

Рэканструкцыя вуліцы Кірава адбылася ў 2015 годзе і прывяла да пашырэння дарогі і значнага звужэння тратуараў. У выніку былі ліквідаваныя і зялёныя насаджэнні. Так на кавалку ад вул. Камунараў да вул. Чырвонаармейскай не засталося ніводнага дрэва.

Акрамя гэтага шматлікія пешаходныя пераходы былі перанесеныя або ліквідаваныя, што разам са зніжэннем колькасці дрэваў і звужэннем тратуараў значна ўскладніла перасоўванне па гэтай вуліцы для ўсіх пешаходаў.

Будынак па вул. Кірава, 9

Будынкі па вул. Кірава 16 і 18А

Будынак па вул. Кірава, 24

На праспекце Леніна за апошнія дзесяць год паспелі знікнуць амаль усе дрэвы. Выпраўляць сітуацыю актыўна пачалі ў апошнія гады, але новыя насаджэнні робяцца не паўсюль.

Ялінкі перад аблвыканкамам было вырашана спілаваць пасля моцнай навальніцы ўлетку 2015 года. Абгрунтаваннем паслужыла тое, што грунт пад імі можа не вытрымаць наступнай стыхіі прыроды і дрэвы пашкодзяць фасад.

Нават ФК «Гомель», чыя рэклама змешчана на тралейбусе, сваімі фірмовымі колерамі абраў белы і зялёны. Але магчыма з часам іх давядзецца замяніць на бела-шэры…

Цяпер у гэта сапраўды складана паверыць, але раней дайсці ад плошчы Леніна да вакзала можна было ў ценю дрэваў.

Пачатак Савецкай у 1985 годзе і сёння.

Вуліца Сялянская ў 1930-я гг. і сёння. Як бачна, дрэвы не ўзнікалі самі па сабе. Іх планамерна высаджвалі і аб іх клапаціліся нават не ў самыя паспяховыя з эканамічнага становішча часы.

Вуліца Сялянская ў 1960-я гг. і сёння.

Пасля рэканструкцыі вуліцы Кірава на Сялянскай таксама спілавалі шэраг дрэваў.

Будынак гарвыканкама на рагу Савецкай і Сялянскай пазбавіўся апошніх дрэваў не так даўно.

Некалькі год таму ўсе старыя дрэвы на Савецкай былі спілаваныя. Замест іх было вырашана высадзіць рабініі. Праз год ладная іх частка адмерла і іх высадзілі наноў, не шкадуючы гарадскога бюджэта. Ці стала з гэтымі дрэвамі лепш застаецца ацэньваць самім гомельцам.

Дрэвы на вуліцы Ірынінскай паступова знікаюць. Гарадскія ўлады часта спасылаюцца на іх хваравітасць ва ўмовах вялікага горада. Зразумела, што замест пошукаў варыянтаў вырашэння сітуацыі значна лягчэй проста спілаваць дрэвы…

Гарадская ініцыятыва “Smart Homel” мае намер працягнуць працу па ўзаемадзеянні з уладамі ў накірунку павелічэння азелянення нашых вуліц. Калі вы хочаце дапамагчы ў гэтай справе або маеце ўласныя ідэі, то лістуйце на smarthomel2016@gmail.com.

Над фотапараўнаннем працавалі Яўген Меркіс і Зміцер Кірэенка.

Зробім наш горад утульным разам!

Post Author: Caesar

4 thoughts on “Як знікалі дрэвы на вуліцах Гомеля (фотапараўнанне)

    Алена

    (30.12.2016 - 13:30)

    Печально. Как будто специально старались срезать по максимуму , даже там, где запросто можно было оставить. И хоть бы кустик какой взамен посадили.

    Дмитрий

    (30.12.2016 - 15:32)

    ДНОМЕЛЬ. город — тлен

    Александр К.

    (31.12.2016 - 14:50)

    Да, печально! Шикарно выглядело раньше всё, особенно когда было много-много деревьев, например на проспекте Ленина рядом с театром молодёжным и Селянская в 60-е годы!

    Было куда лучше… Вспомнилась песня про Городские цветы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *