Мэр Гомеля Пётр Кірычэнка

Старшыня гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка распавёў пра будучыню горада над Сожам

Гомелю ўручаны пераходны вымпел пераможцы Рэспубліканскага агляду ў намінацыі «Лепшы абласны горад па санітарным стане і ўпарадкаванасці» за 2015 год. Горад над Сожам, дзе сёння жыве больш за 530 тысяч чалавек, трэці раз за пяць гадоў удастоены такой высокай ацэнкі. У гэтым заслуга не толькі гарадской улады і адпаведных службаў, але і ўсіх жыхароў абласнога цэнтра, падкрэслівае старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка.

— Пётр Аляксеевіч, у чым сакрэт стабільных перамог?

— Рэцэпт даволі просты — гэта сумесная сістэмная праца як кіраўнікоў на месцах, усіх працоўных калектываў, так і гараджан. Самае галоўнае — імкненне кожнага гамяльчаніна зрабіць свой унёсак у навядзенне парадку. За апошняе дзесяцігоддзе наш абласны цэнтр прыкметна змяніўся. Як пастаяннае месца жыхарства яго абірае ўсё больш моладзі. Таму не дзіўна, што за апошнія гады ў Гомелі з’явілася шмат новых паўнаважных мікрараёнаў. Гэта мікрараёны №№19, 20, 22, 20а. Таксама працягваецца забудова мікрараёнаў №№104, 94, 96, 59, 59а, 18. Засвоены пляцоўкі пад сядзібнае жыллёвае будаўніцтва ў раёне вёскі Раманавічы і пасёлка Чырвоны Маяк, Хутар, Хімы.

— Які кірунак горадабудаўнічай палітыкі на бліжэйшую перспектыву?

— Сёння распрацаваны дэтальныя горадабудаўнічыя праекты па забудове жылых раёнаў «Плёсы», «Паўднёвы», па вуліцах Палескай і Фядзюнінскага, шматкватэрнай і сядзібнай забудовы ў мікрараёне «Касцюкоўка». Сучаснае, вельмі дынамічнае жыццё патрабуе ад нас таксама замены старога жылля на новае, больш практычнае. Так, спецыяльным планаваннем прадугледжана фарміраванне камфортнага жылога асяроддзя ў цэнтры горада за кошт зносу сядзібнай забудовы ў межах вуліц Інтэрнацыянальнай—Гагарына—Пралетарскай—Маісеенка і таксама на вуліцы Барыкіна. Архітэктурнае аблічча тут будзе фарміравацца за кошт шматпавярховых жылых, грамадскіх будынкаў, зялёнай зоны і пашырэння магістральных вуліц. Ад апошняга, дарэчы, мы нікуды не сыдзем, гэта агульнапрынятая сусветная практыка. З павелічэннем колькасці жыхароў, павялічваецца і колькасць аўтатранспарту. Таму летась мы пашырылі да чатырох палос вуліцу Кірава, адкрылі пад’езд да 18-га мікрараёна, які з’яўляецца часткай праекта «Усходні абход», дзве новыя дарогі падведзены да мікрараёна «Юбілейны». Сёлета пашырылі вуліцу Палескую, якая звязвае раён Сельмаша з цэнтрам горада. Да 73-й гадавіны вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гамяльчане атрымалі абноўленыя вуліцы: Інтэрнацыянальную, Падгорную і Дакутовіч.

— Ці ёсць станоўчыя тэндэнцыі развіцця прамысловага комплексу Гомеля? Наколькі стабільна сябе адчуваюць людзі, якія працуюць на вытворчасці?

— За 10 месяцаў прамысловымі прадпрыемствамі выпушчана прадукцыі на суму больш за 3,9 млрд рублёў. Пры гэтым рэшткі гатовай прадукцыі на складах маюць устойлівую дынаміку зніжэння. Удзельная вага запасаў зменшылася і складае ў сярэднямесячным аб’ёме вытворчасці каля 55%. Выручка ад рэалізацыі за студзень—верасень вырасла да аналагічнага перыяду летась амаль на 12%. Рэнтабельнасць продажаў склала 9,3%. Хачу адзначыць, што гэты паказчык — самы высокі сярод абласных гарадоў. Заробак у працаўнікоў сферы прамысловасці ў верасні склаў 737 рублёў, што вышэй сярэдняга па горадзе больш чым на 5%. Зменшылася на 3,5% у параўнанні з леташнімі паказчыкамі колькасць людзей, якія працуюць няпоўны рабочы час у сферы прамысловасці. На многіх прадпрыемствах заахвочваюць работнікаў істотнымі сацыяльнымі выплатамі.

— Гомель стабільна ўтрымлівае званне лепшага абласнога цэнтра для вядзення бізнесу. Якія ўмовы створаны для развіцця прадпрымальніцтва?

— Так, трэці год запар Гомель — найлепшы і ў гэтай намінацыі. Цяпер у горадзе дзейнічаюць чатыры цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва і два інкубатары малога прадпрымальніцтва. Яны аказваюць спецыялізаваную дапамогу суб’ектам прадпрымальніцкай дзейнасці ў вобласці бухгалтарскага ўліку, кансультуюць па пытаннях камерцыйнай дзейнасці і кіравання, арганізоўваюць курсы і даюць у арэнду памяшканні, спецыяльна абсталяваныя пад офісы і вытворчасць. Патэнцыйных пакупнікоў і арандатараў інфармуюць пра наяўнасць аб’ектаў камунальнай маёмасці, якія не выкарыстоўваюцца, але могуць быць прыстасаваны для гаспадарчай дзейнасці. Таксама для стымулявання людзей, якія хочуць пачаць сваю справу, гарвыканкам прапануе бязвыплатныя субсідыі ў памеры каля дзвюх тысяч рублёў.

Аўтар: Ірына Асташкевіч
Крыніца: газета «Звязда»

Автор записи: Caesar

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *