подземный переход в Гомеле

Расійскі блогер Ілля Варламаў раскрытыкаваў ідэю гомельскіх уладаў аб будаўніцтве новага падземнага пераходу

Знакаміты блогер і грамадскі дзеяч з Расіі Ілля Варламаў звярнуў увагу чытачоў свайго блога на словы старшыні гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка аб будаўніцтве новых падземных пераходаў у горадзе і падвергнуў дадзены намер крытыцы.

Увагу Варламава, які ў сваёй дзейнасці прысвячае шмат публікацый тэме развіцця гарадоў, прыцягнула інтэрв’ю з Дворнікам у газеце «Савецкі раён»:

«Зацікавіла завадчан і перспектыва будаўніцтва падземнага пешаходнага пераходу на скрыжаванні вуліцы Інтэрнацыянальнай і праспекта Леніна. Уладзімір Андрэевіч паведаміў, што гэтае пытанне разглядаецца з мэтай павелічэння прапускной здольнасці цэнтра горада ў цэлым. Паводле яго слоў, і ў далейшым будуць будавацца такія пераходы, а там, дзе дазваляе вольнае месца — і надземныя. Яны абыдуцца бюджэту танней за кошт таго, што адпадзе неабходнасць пераносу падземных інжынерных сетак».

Ілля Варламаў падрабязна растлумачыў, чаму ён лічыць дадзены намер гомельскіх уладаў памылковым. Так блогер звярнуў увагу на тое, што па-завулічныя пешаходныя пераходы робяць горад небяспечным і недаступным (для маламабільных груп гараджан), а таксама паказваюць няправільныя прыярытэты ў транспартнай мабільнасці, калі коранем з’яўляецца спроба зрабіць горад зручным у першую чаргу для машын.

Ілля Варламаў:

«Такія ж памылкі здзяйснялі еўрапейскія гарады 50 год таму. Мы спрабуем угнацца за аўтамабілізацыяй. Мы робім развязкі, пашыраем дарогі, спрабуем зрабіць іх безсветлафорнымі. Тым самым мы яшчэ больш правакуем аўтамабілізацыю і ператвараем жыццё людзей у пекла.

<…> ад ператварэння праспектаў у фрывэі пацерпяць пешаходы, грамадскі транспарт, аўтамабілісты…

Зараз у Гомелі хочуць прыбраць пешаходаў пад зямлю, каб павялічыць прапускную здольнасць вуліц. У ідэале прыбраць яшчэ і светлафоры, якія тармозяць плынь. Не забывайце, што мы з вамі гаворым пра вуліцы ў цэнтры горада! Пра мясцовыя вуліцы, а не фрывэі. Ці трэба там прыбіраць светлафоры? Не».

Нагадаем, што УУС Гомельскага аблвыканкама нядаўна апублікавала паведамленне аб намеры будаўніцтва на скрыжаванні вул. Інтэрнацыянальнай і пр-та Леніна ў Гомелі новага падземнага пераходу. Разам з некаторымі іншымі зменамі дадзеная ідэя, па словах ініцыятараў, накіраваная на рашэнне транспартных праблем абласнога цэнтра. Але з такім меркаваннем былі згодны далёка не ўсё.

Актывісты урбаністычнай ініцыятывы «Smart Homel» стварылі пэтыцыю на анлайн-платформе Petitions.by і сабралі каля 200 подпісаў у адведзены для апытання грамадскай думкі тэрмін (з 15 па 25 студзеня). Сваю пазіцыю стваральнікі петыцыі аргументавалі тым, што новы падземны пераход — надзвычай дарагое рашэнне транспартных праблем, якое павінна аблягчыць рух транспарту ў горадзе за кошт камфорту гараджан. На думку актывістаў кіраўнікам горада варта змяняць прыярытэты транспартнай мабільнасці ў горадзе ў цэлым.

Кіраўнік урбаністычнай ініцыятывы «Smart Homel» Яўген Меркіс:

— На жаль ўсе буйныя змены ў цэнтры нашага горада за апошнія гады, якія былі закліканы вырашыць нашы транспартныя праблемы былі ажыццёўлены ў першую чаргу дзеля цікавасці аўтамабілістаў. Пры пашырэнні дарог пакутвалі тратуары, зялёныя насаджэнні, існыя наземныя пешаходныя пераходы ліквідаваліся альбо пераносіліся на дзясяткі, а то і сотні метраў. Такі падыход не толькі пагаршае даступнасць нашага горада для пешаходаў, але і адбіваецца на экалогіі і нават турыстычнай прывабнасці Гомеля.

Кіраўніцтву горада варта перагледзець прыярытэты транспартнай мабільнасці ў горадзе і на першае месца ставіць інтарэсы пешаходаў, веласіпедыстаў і грамадскага транспарту. Ад такога комплекснага падыходу ў выніку выйграюць усе.

Таксама хацелася б больш асэнсаванага падыходу да прапанаваных рашэнняў. Пакуль што прыкметна, што ў нас занадта спрошчана падыходзяць да вырашэння транспартных праблем і лічаць, што ўся праблема ў светлафорах, пешаходах ды адсутнасці падземных пераходаў.

Свае звароты супраць ідэі будаўніцтва новага падземнага пераходу на адрас УУС Гомельскага аблвыканкама таксама дасылалі гараджане, некаторыя гомельскія грамадскія арганізацыі і нават Гомельская гарадская арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Автор записи: Caesar

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *