Генеральный план Гомеля петиция

Петыцыя перамагла! Гомельскія ўлады апублікавалі тэкставую частку генплана горада

Актывісты ўрбаністычнай ініцыятывы “Smart Homel” раней склалі петыцыю да кіраўніцтва Гомеля з просьбай публікацыі ў адкрытым доступе асноўных палажэнняў і рэгламентаў генплана горада. У афіцыйным адказе, які ініцыятары атрымалі ад намесніка старшыні гарвыканкама А.І. Сівакова адзначана, што цяпер азнаёміцца з гэтымі дакументамі можна на сайце гомельскага гарвыканкама.

Раней да азнаямлення была дасяжная толькі выява генплана што, па меркаванні аўтараў петыцыі, істотна абмяжоўвала разуменне таго, якія змены чакаюць Гомель у бліжэйшыя гады.

Яўген Меркіс, кіраўнік урбаністычнай ініцыятывы “Smart Homel”:

— Канешне мы вельмі радыя, што наша петыцыя, пад якой пакінулі подпісы каля 200 неабыякавых грамадзян дамаглася пастаўленай мэты. Спадзяемся, што размяшчэнне ў адкрытым доступе асноўных палажэнняў і рэгламентаў генплана нашага горада дапаможа лепш зразумець як будзе развівацца Гомель у будучыні і пазбегнуць спрэчак і нават канфліктных сітуацый, якія ўзнікаюць пры гэтым. Мы вітаем гэты крок гомельскага гарвыканкама і спадзяемся, што яго кіраўніцтва будзе і надалей спрыяць дыялогу з гараджанамі і падвышаць узровень празрыстасці прыняцця рашэнняў аб развіцці горада.

Кіраўнік урбаністычнай ініцыятывы
“Smart Homel” Яўген Меркіс

Што менавіта дасць публікацыя асноўных палажэнняў і рэгламентаў гомельскага генплана гараджанам “Smart Homel” папрасіў пракаментаваць каардынатара таварыства «Горад для гараджан» Дзяніса Кобрусева:

— Гэта файная навіна і яна вельмі важная адразу па некалькіх прычынах.

Па-першае, жыхары горада і зацікаўленая грамадскасць змогуць не толькі разглядаць, даступны і раней, план функцыянальнага занавання горада, але і азнаёміцца з падрабязнай інфармацыяй аб тым, як будуць развівацца асобныя сферы гарадской жыццядзейнасці: транспартная і інжынерная інфраструктура, ахова гістарычна-культурных каштоўнасцяў, жытловае будаўніцтва, будаўніцтва ў цэлым, ахова навакольнага асяроддзя ды інш. Цяпер можна даведацца, якія горадабудаўнічыя праекты і дзеянні будуць першачарговымі, а якія адкладзеныя на пазнейшы час, якія раёны чакаюць новае будаўніцтва, а якія рэканструкцыя, дзе захаваецца прыватны сектар, а дзе заплянаваны яго знос.

Па-другое, публікацыя Асноўных палажэнняў і рэгламентаў генплана горада дае магчымасць жыхарам і зацікаўленай грамадскасці паўнавартасна ўдзельнічаць у грамадскіх абмеркаваннях дэтальных планаў тэрыторыяў і архітэктурна-планіровачных канцэпцыяў, бо гэтыя праекты грунтуюцца на генеральным плане горада і канкрэтызуюць яго. Не ведаючы стратэгіі развіцця горада, прапісаных у Асноўных палажэннях, і нормаў, закладзеных у Рэгламентах, гэтага зрабіць было немагчыма.


Каардынатар таварыства «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў

Па-трэцяе, гараджане атрымоўваюць інструмент для маніторынгу і кантролю за горадабудаўнічымі дзеяннямі гарадской выканаўчай улады. Наколькі апраўданы дзеянні гарадскіх уладаў на тыя ці іншыя будаўнічыя планы цяпер можна звяраць з стратэгіяй, прапісанай у Асноўных палажэннях. Наколькі добра прапрацаваны дэтальны план адпавядае нормам можна звяраць з Рэгламентам. Цяпер ёсць магчымасць, абапіраючыся на Генеральны план, патрабаваць ад уладаў выканання неабходных для горада першачарговых праектаў.

Па-чацвёртае, публікацыя дакументацыі дае магчымасць зацікаўленай грамадскасці ўдзельнічаць у гарадскім развіцці праз распрацоўку прапановаў для гарадскіх уладаў для паляпшэння генплана пры наступнай карэктуры, якая адбываецца раз на пяць гадоў. Абапіраючыся на стратэгію і план развіцця горада, бачачы праз маніторынг, што рэалізуецца, а што не, якія ідэі добрыя, а якія не працуюць, можна больш эфектыўна прапаноўваць неабходныя змены. Без доступа да гэтых дакументаў, гэта было б адарвана ад рэальнасці і нашмат цяжэй.

Па-пятае, доступ да інфармацыі гэта аснова для ўстолівага развіцця любога горада. Адкрытасць і публічнасць фармуе іншую культуры ўзаемадзеяння паміж гараджанамі і гарадскімі ўладамі, якая дазволіць лепш разумець дзеянні адзін аднога і выбудоўваць дыялог пра развіццё гораду.

Актывісты ўрбаністычнай ініцыятывы “Smart Homel” выказваюць падзяку ўсім, хто прыняў удзел у распрацоўцы петыцыі, пакінуў свой подпіс пад ёй і спрыяў яе папулярызацыі.

Разам мы зменім наш горад да лепшага, будзьце з намі!

Автор записи: Caesar

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *