Велопарковка в Гомеле

І клопат, і праблема: каля “Цэнтраліта” ў Гомелі з’явяцца незвычайныя паркоўкі для ровараў

Тэндэр аб закупцы Беларускай чыгункай чатырох новых парковак для ровараў з’явіўся на сайце Icetrade.by Іх кошт ацэнены ў 7000 рублёў. Гомельскія раварысты вітаюць намер чыгуначнікаў, але выказваюць насцярожанасць незвычайнай канструкцыяй парковак і нават гатовыя прапанаваць альтэрнатывы. “Smart Homel” разабраўся ў гэтай неардынарнай сітуацыі і адшукаў пры гэтым вельмі цікавую інфармацыю.

Размесціць новыя паркоўкі плануюць каля чыгуначнай станцыі “Цэнтраліт”. Па словах супрацоўніка Гомельскай дыстанцыі грамадзянскіх пабудоваў Беларускай чыгункі Міхаіла Лагуна шмат хто карыстаецца двухколавым транспартам каб даехаць да гэтага месца.

Але ж дызайн і канструктыўныя асаблівасці новых парковак выклікалі насцярожанасць у гомельскіх раварыстаў.

Калі мы азнаёміліся з чарцяжамі паркоўкі, якую збіраецца закупляць Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі, то прыйшлі да высновы, што пры ўсіх плюсах яе ўсталявання яна можа атрымацца нязручнай, — адзначыў актывіст роварнага руху Гомеля Дзмітрый Трусаў. — Так калі не прытрымлівацца пэўных стандартаў, то  могуць быць пытанні з мацаваннем ровара і неразуменне таго, як менавіта ў гэтай канструкцыі лепш за ўсё тое зрабіць.

Выява будучай паркоўкі з дакументаў тэндэра

Выява будучай паркоўкі з дакументаў тэндэра і яе памеры

Пры гэтым канфігурацыі сучасных ровараў вельмі разнастайныя, і на наш погляд неабходна ўсталёўваць як мага больш універсальных роварных парковак, якія дазвалялі б замацоўваць самыя розныя ровары за абсалютна розныя часткі ровара. Мы разглядаем магчымасць прапанаваць альтэрнатыўныя варыянты канструкцыі гэтай паркоўкі, бо якасная, а галоўнае зручная інфраструктура ў гэтым пытанні пойдзе ўсім на карысць.

Кіраўніца абласнога грамадскага аб’яднання “ВелаГомель” Святлана Кароль адзначае, што апошнім часам у Гомелі становіцца ўсё больш роварных парковак. Ёсць у гэтым і ўнёсак арганізацыі — так за мінулы год было даслана больш за 20 лістоў з просьбай усталявання новых парковак, але іх усё яшчэ недастаткова.

Канешне ініцыятыву Беларускай чыгункі можна толькі вітаць, але канструкцыя новай паркоўкі выклікала дыскусію сярод гомельскіх раварыстаў і таму мы апавясцілі гарвыканкам у асобе начальніка аддзела спорту і турызму Аляксандра Пазнякова аб нашай заклапочанасці гэтым тэндэрам і нам паабяцалі ўнесці ў праект карэктывы.

Міхаіл Лагун у сваю чаргу тлумачыць, што праблем з новымі паркоўкамі ў раварыстаў узнікнуць не мусіць:

Што датычна дызайна парковак, то я сам актыўна карыстаюся роварам і праблем з такой канструкцыяй не меў, хаця для стабільнасці і даводзіцца выкарыстоўваць падножку. Але ўсе свае ідэі зацікаўленыя раварысты могуць прапанаваць кіраўніцтву праектнага аддзела рэгіянальнага цэнтра кіравання транспарта ў Гомелі (вул. Чырвонаармейская, 12, чацвёрты паверх).

У сваю чаргу актывістам урбаністычнай ініцыятывы «Smart Homel» удалося знайсці ў інтэрнэце роварную паркоўку ідэнтычную адзначанай у тэндэры. Але ж кошт адзінкі на сайце Deal.by складае 500 рублёў. Пры замове чатырох такіх парковак выніковая сума ў 2000 рублёў істотна адрозніваецца ад заяўленай у тэндэры сумы ў 7000 рублёў.

Праект паркоўкі для ровараў ад гомельскай кампаніі «НеаТэхналогія» мала чым адрозніваецца ад прадстаўленага ў тэндэры

«Smart Homel» абяцае сачыць за развіццём падзей у гэтай гісторыі.

Автор записи: Caesar

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *