Восточный обход в Гомеле Усходні абход

Гамяльчане патрабуюць ад уладаў скончыць будаўніцтва «Усходняга абыходу»

Група ініцыятыўных гараджан стварыла анлайн-петыцыю, у якой заклікае Гомельскі гарвыканкам і Міністэрства транспарту і камунікацый скончыць будаўніцтва «Усходняга абыходу». Праектам прадугледжвалася ўзвядзенне маста праз раку Сож і злучэнне трас Е-95 і М-10 з усходняга боку горада з мэтай завяршэння аб’язнога кола. На дадзены момант працы на аб’екце прыпыненыя ў сувязі з недахопам фінансавання.

Аўтары петыцыі адзначаюць, што ў апошні час у Гомелі назіраюцца вялікія праблемы з загружанасцю цэнтра горада аўтатранспартам. Вялікая колькасць транзітнага трафіку праз цэнтральныя вуліцы прыводзіць да высокай аварыйнасці, павелічэння часу праезду з Цэнтральнага раёна ў Навабеліцкі, пагаршэння стану дарожнага палатна, а таксама экалагічнай сітуацыі ў горадзе.

Восточный обход в Гомеле строительство
На дадзены момант на будаўніцтва «Ўсходняга абыхода» ўжо выдаткавана 8 млн даляраў

Неабыякавыя гараджане лічаць, што сканчэнне будаўніцтва «Усходняга абыходу» дазволіць:

  • разгрузіць цэнтральныя вуліцы Гомеля і палепшыць мабільнасць транспарту, а таксама з’явіцца магчымасць стварэння прамых маршрутаў грамадскага транспарту паміж Цэнтральным і Навабеліцкім раёнамі;
  • паскорыць транзітныя грузапатокі трас Е-95 і М-10 з усходняга боку горада;
  • паменшыць колькасць выкідаў СО2, што скароціць рызыку развіцця рэспіраторных захворванняў і палепшыць стан аб’ектаў расліннага свету;
  • знізіць шумавую нагрузку на жылыя кварталы і цэнтральныя вуліцы;
  • стварыць роварную сцяжынку, якая забяспечыць бяспеку перасоўвання раварыстаў паміж аддаленымі часткамі горада;
  • палепшыць даступнасць устаноў аховы здароўя, такіх як Рэспубліканскі Цэнтр Радыяцыйнай Медыцыны, Гомельскі абласны клінічны шпіталь Інвалідаў Айчыннай Вайны і інш.;
Восточный обход транспортная схема
Агульная схема руху транспарту пасля сканчэння будаўніцтва «Ўсходняга абыхода» ў Гомелі

Варта нагадаць, што на будаўнічыя працы ўжо выдаткавана каля 8 млн даляраў ЗША, але на завяршэнне аб’екта, па словах старшыні гомельскага гарвыканкама П.А. Кірычэнка неабходна яшчэ каля 150 млн беларускіх рублёў.

Часть Восточного обхода с мостом через р. Сож на генеральном плане Гомеля
Частка «Ўсходняга абыхода» з мастом цераз р. Сож на генеральным плане Гомеля

У розны час аб магчымасці прыцягнення фінансавых сродкаў на завяршэнне будаўніцтва «Усходняга абыходу» згадваліся кітайскія і паўднёвакарэйскія партнёры, але на ўзроўні перамоў усё, на жаль, і сканчалася.

Ідэя стварэння петыцыі, закліканай вырашыць адну з найбольш актуальных праблем горада паўстала пасля сустрэчы з мінскім актывістам і блогерам Антонам Матолька, якая прайшла ў межах праекта «Гарадскія сходы ГДФ». Да распрацоўкі петыцыі далучыліся актыўныя гараджане і ўрбаністычная ініцыятыва «Smart Homel».

Восточный обход в Гомеле

Яўген Меркіс, ўрбаністычная ініцыятыва «Smart Homel»:

— Дадзеную петыцыю сапраўды стварала вялікая колькасць неабыякавых да развіцця роднага горада гамяльчан. Адны дапамагалі скласці тэкст, іншыя правяралі тэхнічныя дадзеныя, уздымалі звесткі з публікацый гарвыканкама і дзяржаўных СМІ, дапамагалі сфатаграфаваць аб’ект з дапамогай дрона. Гэта паказвае, што ў горадзе ёсць людзі, якія гатовыя не толькі гаварыць пра пажаданыя змены, але і прымаць у іх актыўны ўдзел. Мы верым, што ў гэтым залог поспеху, бо толькі сумеснымі намаганнямі можна зрабіць Гомель яшчэ лепш!

Пакінуць свой подпіс у падтрымку петыцыі можна ўжо цяпер. Ці атрымаецца ў актывістаў дагрукацца да чыноўнікаў, якія прымаюць рашэнні аб развіцці горада цяпер пакажа толькі час.

Автор записи: Caesar

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *