ДАІ Гомеля і падземны пераход

ДАІ Гомеля апублікавала вынікі сумніўнага апытання наконт падземнага перахода ў цэнтры горада

Усяго дзесяць дзён – з 15 па 25 студзеня ДАІ Гомеля апытвала на сваім сайце меркаванне гараджан наконт прапанаваных змен па паляпшэнні руху на перакрыжаванні вул. Інтэрнацыянальнай і праспекта Леніна. Сёння былі падведзеныя вынікі і яны выклікаюць шэраг пытанняў.

Сярод прапанаваных зменаў былі будаўніцтва падземнага пешаходнага перахода і ліквідацыя светлафораў каля бара “Red pub”, уладкаванне “кішэні” на прыпынку грамадскага транспарта “Камінтэрн” і інш. Гэтыя прапановы былі неадназначна ўспрынятыя гараджанамі. Так была нават створаная петыцыя супраць будаўніцтва падземнага перахода, пад якой падпісалася каля 200 чалавек. Пра кепскі бок гэтай ідэі нават паспеў выказацца расійскі блогер-урбаніст Ілля Варламаў.

4 студзеня Дзяржаўтаінспекцыя падвяла на сваім сайце вынікі апытання. Так, паводле словаў кіраўніцтва ДАІ ў апытанцы за 10 дзён прынялі ўдзел 659 чалавек. 71 % падтрымаў ініцыятыву Дзяржаўтаінспекцыі, а 28 % – не.

Вынікі апытання

“Вынікі апытання вельмі дзіўныя, — адзначае кіраўнік урбаністычнай ініцыятывы “Smart Homel” Яўген Меркіс. — Па-першае на сайце УУС апытанне праводзілася такім чынам, што чалавек з аднаго кампутара мог прагаласаваць хоць 1000 разоў запар. Фактычна нават кіраўнік гомельскага ДАІ мог за пару хвілін “нашчоўкаць” самастойна ці з дапамогай сваіх падначаленых прыемны для свайго ведамства вынік апытання – пры такой тэхналогіі гэта цалкам магчыма. Прагаласаваць без верыфікацыі маглі нават жыхары нейкага Тайланду. Такая недасканалая сістэма апытання выглядае вельмі дзіўна для той ІТ краіны, якой сябе пазіцыянуе Беларусь.

Па-другое нягледзячы на цэлы шэраг прапанаваных мераў карыстальнікам сайта прапаноўвалася толькі прагаласаваць “пакетам” адразу “за” або “супраць”. Калі нехта быў не згодны з будаўніцтвам падземнага перахода, але падтрымліваў іншыя прапановы кіраўніцтва ДАІ то зрабіць ён гэтага не мог. Пры гэтым раней на гэтым сайце ўжо былі прыклады апытанняў з рознымі варыянтамі адказаў. Пытанне чаму цяпер не паступілі такім шляхам застаецца адкрытым.

Прыклад праведзенага раней апытання з некалькімі варыянтамі адказаў
Прыклад новага апытання з некалькімі варыянтамі адказаў

Мы бачым, што вынікі апытання на сайце ананімных карыстальнікаў і асабістыя звароты рэальных грамадзян і арганізацый абагульнілі. Пра петыцыю у падвядзенні вынікаў наогул не прыгадалі. Пры гэтым у ёй, як і ў зваротах гомельцаў былі канкрэтныя пытанні і заўвагі, якія не былі аніяк пракаментаваныя кіраўніцтвам ДАІ, хоць гэта дакладна дазволіла б удакладніць іх пазіцыю.

Па-трэцяе 71 % і 28 % гэта разам 99 %, а не 100. Куды падзеўся 1 % пры такім адназначным апытанні нам наогул не паведамілі. Гэта сведчыць ці пра надзвычай нізкі ўзровень інфармацыйнага суправаджэння любых дзеянняў і пазіцыі ДАІ, альбо пра тое, што там маглі асабліва не пераймацца. Фактычна пры такой закрытай і сумніўнай форме апытання меркавання гараджан улады могуць намаляваць любыя лічбы, таму вынікі і выклікаюць у гомельцаў шмат пытанняў.

Урэшце рэшт важна адзначыць тое, што гэта не было афіцыйным грамадскім апытаннем. Фармальна гэта ўсяго толькі ўнутраная апытанка ДАІ. Але ў нас вельмі кепская сістэма дыялога з гараджанамі і яна часта выкарыстоўваецца ў інтарэсах будаўнічых кампаній ахвотных да вялікіх будоўляў. У выніку нават вынікі “нефармальнага” апытання меркавання, ды яшчэ праведзенага сумніўным шляхам могуць быць выкарыстаныя для пачатку рэалізацыі праекта”.

ДАІ Гомельскага аблвыканкама паведаміла на сваім сайце, што “ўсе пажаданні і прапановы грамадзян не застануцца без увагі пры рэалізацыі дадзеных мерапрыемстваў”. Як будуць улічваць меркаванне тых гараджан, хто наогул выступаў супраць будаўніцтва падземнага пераходу або іншых прапанаваных мер пры гэтым не ўдакладняецца.

Автор записи: Caesar

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *